23.06.2017
картінка_1

Адбыўся круглы стол па прававых пытаньнях дзейнасьці НКА ў форме ўстановаў

20 чэрвеня ў Менску адбыўся круглы стол “Прававыя пэрспэктывы дзейнасьці прыватных установаў у Беларусі”, прысьвечаны актуальным праблемам і асаблівасьцям дзейнасьці беларускіх некамэрцыйных арганізацыяў, якія зарэгістраваныя у форме недзяржаўнай установы.

Правядзеньне гэтай дыскусіі было ініцыяванае Цэнтрам прававой трансфармацыі (Lawtrend) і Асамблеяй няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел  прадстаўнікі больш чым трыццаці прыватных установаў, якія прадстаўлялі ўсе рэгіёны Беларусі.

Напачатку круглага стала юрыст Асамблеі НДА Юрый Чавусаў адзначыў актуальнасьць тэмы, якая была вынесеная на парадак дня:  па-першае, установы праз прасьцейшы ў параўнаньні з грамадзкімі аб’яднаньнямі і фондамі парадак рэгістрацыі зрабіліся ў апошняе дзесяцігоддзе самай папулярнай формай для рэгістрацыі новых некамэрцыйных арганізацыяў; па-другае, праз адсутнасьць спецыяльнага заканадаўства, якое б рэгулявала дзейнасьць гэтай формы юрыдычных асобаў, новыя арганізацыі сутыкаюцца са спецыфічнымі праблемамі ў сваёй дзейнасьці.

Дырэктар Цэнтру прававой трансфармацыі Вольга Смалянка прадставіла аналіз прававых праблемаў, з якімі DSCN4714сутыкаюцца ўстановы. Асновай для агляду сталіся вынікі апытаньня заснавальнікаў і кіраўнікоў прыватных установаў, якое было праведзенае напярэдадні круглага стала.  Згодна з вынікамі апытаньня, у якім узялі ўдзел 37 арганізацыяў, сярод надзённых праблемаў для ўстановаў былі названыя праблемы афармленьня ахвяраваньняў ад фізічных асобаў, вядзеньня бухгалтарскага ўліку, ажыцьцяўленьня прадпрымальніцкай дзейнасьці, падаткаабкладаньня і падаткавага ўліку, афармленьня працоўных адносінаў, афамленьня ўстановамі ўнутранай бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі ад айчынных суб’ектаў гаспадараньня і замежнай бязвыплатнай дапамогі ды іншыя. Вольга Смалянка распавяла пра тое, якія недасканаласьці заканадаўства абумовілі з’яўленьне гэтых прававых праблемаў, як яны вырашаюцца цяпер на практыцы і якія ёсьць пэрспэктывы зьмяненьня прававога рэгуляваньня і праваўжывальнай практыкі па гэтых накірунках, а таксама адказала на канкрэтныя прававыя пытаньні прысутных прадстаўнікоў НКА што датычацца іх дзейнасьці. Удзельнікі круглага стала абмеркавалі шырокае поле пытаньняў, якія маглі бы стаць прадметам для прасоўваньня пазытыўных зьменаў у заканадаўства і праваўжывальную практыку на карысьць ўсіх формаў некамэрцыйных арганізацыяў.

У часе дыскусіі асаблівая ўвага была нададзеная пагрозам недабраахвотнай ліквідацыі ўстановаў, якія выяўляюцца ў перыядычных лістах ад пададткавых інспэкцыяў да заснавальнікаў установаў з патрабаваньнем растлумачыць прычыны, па якіх установа не ажыццяўляе прадпрымальніцкую дзейнасьць і прапановай прыняць рашэньне пра ліквідацыю. Справа ў тым, што дзеючае заканадаўства прадугледжвае магчымасьць ліквідацыі суб’ектаў гаспадараньня на подставе неажыццяўленьня прадпрымальніцкай дзейнасьці цягам году і непрадастаўленьня камэрцыйнай арганізацыяй тлумачэньняў адносна прычынаў неажыцьцяўленьня прадпрымальніцкай дзейнасьці. Шматлікія ўстановы атрымліваюць запыты падаткавай пра прычыны неажыцьцяўленьня прадпрымальніцкай дзейнасьці, у якіх утрымліваецца прапанова прыняць рашэньне пра ліквідацыю арганізацыяі па ўласным жаданьні. Гэтыя арганізацыі вымушаныя тлумачыць свой некамэрцыйны статус, згодна з якім ажыцьцяўленьне прадпрымальніцкай дзейнасьці з’яўляецца для іх неабавязковым. У некаторых выпадках справа даходзіць нават да таго, што падаткавыя інспэкцыі ініцыююць ліквідацыю арганізацыі нават не паведаміўшы ёй пра гэта.

У абгрунтаваньне гэткай неспрыяльнай для ўстановаў практыкі падаткавыя інспэкцыі спасылаюцца на тое, што ў іх ўнутраных класіфікацыях падаткавага ўліку прыватныя ўстановы знаходзяцца ў адной катэгорыі разам з камэрцыйнымі арганізацыямі, і таму яны выкарыстоўваюць у дачыненьні да іх стандартныя запыты пра прычыны неажыцьцяўленьня прадпрымальніцкай дзейнасьці.

У гэтым годзе норма заканадаўства, якая абумовіла з’яўленьне гэтай кепскай праваўжывальнай практыкі з боку падаткавых інспэкцыяў, была адкарэктаваная.

28 лютага 2017 года былі ўнесеныя зьмены ў Дэкрэт № 1 ад 16 студзеня 2009 г., які рэгулюе парадак рэгістрацыі і ліквідацыі юрыдычных асобаў (зьмены ўступяць у сілу 3 верасня 2017 года). У тым ліку зьмененая  спрэчная норма аб ліквідацыі любых формаў юрыдычных асобаў у сувязі з неажыццяўленнем імі прадпрымальніцкай дзейнасці. Згодна з новым палажэньнем, норма аб ліквідацыі ў сувязі з неажыццяўленнем прадпрымальніцкай дзейнасьці цяпер будзе распаўсюджвацца толькі на камэрцыйныя арганізацыі, што не ажыцьцяўлялі прадпрымальніцкую дзейнасьць цягам двух год. Але разам з падаўжэньнем тэрміну, цягам якога арганізацыі дапушчальна не займацца прадпрымальніцтвам, заканадаўца прыбраў норму пра накіраваньне арганізацыі запыту пра прычыны неажыцьцяўленьня прадпрымальніцкай дзейнасьці.

Такім чынам, новае заканадаўсва патэнцыйна можа даць падставы скасаваць ранейшую заганную практыку прапановаў аб ліквідацыі ўстановаў. З іншага боку, калі ў практыцы падаткавых органаў будзе захаваны ранейшы падыход аднясеньня ўстановаў да агульнай катэгорыі разам з усімі суб’ектамі гаспадараньня, новае заканадаўства можа зьмяніць становішча ўстановаў да яшчэ горшага: паколькі скасаваная неабходнасьць дасылаць запыты пра прычыны неажыцьцяўленьня арганізацыяй прадпрымальніцкай дзейнасьці, цяпер яшчэ большая колькасьць ўстановаў можа сутыкнуцца з тым, што рэгіструючы орган з  падачы падаткавай інспэкцыі будзе ініцыяваць працэс ліквідацыі ўстановы без яе ведама і без уліку яе некамэрцыйнага статусу.

Такім чынам, азначанае зьмяненьне заканадаўства мае патрэбу ў належнай імплементацыі на практыцы – толькі пры такой ўмове зьмена Дэкрэту №1 стане пазытыўнай зьменай, а не прынясе новыя пагрозы для некамэрцыйных арганізацыяў.

DSCN4715Удзельнікі круглага стала падпісалі калектыўны зварот да міністэрства па падатках і зборах, у якім сфармуляваныя канкрэтныя прапановы па прывядзеньні практыкі працы падаткавых інспэкцыяў з установамі ў аднастайны лад ў адпаведнасьці з апошнімі зьменамі ў заканадаўства пра магчымыя падставы для ліквідацыі юрыдычных асобаў. Ініцыятары звароту разлічваюць, што тлумачэньні міністэрства з нагоды зьмяненьня у падставовы нарматыўны акт, які рэгулюе пытаньні рэгістрацыі і ліквідацыі юрыдычных асобаў, паспрыяюць паляпшэньню ўмоваў дзейнасьці ўстановаў і спыняць ужываньне супраць іх згаданай негатыўнай практыкі прапановаў аб ліквідацыі на падставе неажыцьцяўленьня прадпрымальніцкай дзейнасьці.

Збор подпісаў пад зваротам будзе працягнуты ў бліжэйшыя тыдні Цэнтрам прававой трансфармацыі (інфармацыя пра працэдуру далучэньня да звароту будзе распаўсюджаная неўзабаве асобна), пасьля чаго калектыўны зварот будзе накіраваны да Міністэрства па падатках і зборах напярэдадні ўступленьня ў сілу зьменаў у Дэкрэт № 1.